Халоднае лета 2010

15:05, 22 червня 2010

Каляндарнае лета ў Польшчы супала з пачаткам восені. У палітычным сэнсе. Смаленская трагедыя цалкам змяніла электыўны расклад у краіне. Палітычная рэчаіснасць, нібы тая вясновая вада, падступіла да вокнаў дамоў паспалітых абывацеляў і кіроўчых элітаў. Палітыкі замітусіліся, у выбарцаў заняла дух.

Напярэдадні выбараў некаторыя еўрапейскія  СМІ  - пасля кансультацый з мясцовай Палоніяй  -падавалі  сітуацыю ў Польшчы як супрацьстаянне "дзвюх розных краінаў". Маўляў, адна краіна ліберальная і праеўрапейская, салідарная з Брусэлям і ЗША, вёрткая  шрубка ў еўрапейскай эканамічнай машыне -  Польшча Браніслава Камароўскага. Другая краіна амбіцыйная і вясковая, якая дбае пра ўласныя інтарэсы насуперак нарастаючай глабалізацыі - Польшча Яраслава Качыньскага. Аднак кандыдаты не  рэпрэзентуюць "два свету - дзве сістэмы", бо абодва належаць да правай часткі палітычнага спектру.  Для польскага Сапатэры сёння тут мейсца няма. Ўчора, 20 чэрвеня,  ў першым туры  40,7% аддалі галасы  за Камароўскага, а 35, 9% -  за Качыньскага .

Тэза пра "дзве краіны" сапраўды слушная, але зусім з іншай нагоды.  Смаленская катастрофа стала адзнакай канца пэўнага перыяду ў польскай найноўшай гісторыі. Сыходзіць ў нябыт  эпоха жорсткіх разлікаў з мінуўшчынай - рэпрэсіямі, танкамі, пустымі паліцамі і шэрай як асфальт перспектывай "напаўнезалежнага" існавання на задворках Еўропы. Апошнія 20 гадоў, нібы па інэрцыі, польскае грамадства існавала пад лозунгам "Каб Польшча была Польшчай", намагаючыся любым коштам збудаваць сістэму грамадскіх інстытутаў, не толькі адпаведную дэмакратычным стандартам, але і цалкам пазбаўленую ўплывам камуністычнага мінулага.Часы "Салідарнасці" былі камертонам для наладкі палітычнага механізма новай Польшчы.

Зыходзячы з вышэйсказанага, казаць пра "вясковасць" электарату Качыньскага  не выпадае. Рэч у прыхільнасці той ці іншай парадыгме палітычнага ладу.  Качыньскаму сімпатызуе шмат інтэлектуалаў, выхаваных на ідэях нашага земляка князя Ежы Гедройца, гуру паваеннай польскай эміграцыі. За яго галасуюць таксама тыя, хто лічаць на нейтралізацыю шкоднага ўплыву на палітычную і эканамічную будучыню краіны канспіралагічных тэорыяў, звязаных з трагічнай смерцю Леха Качыньскага. 

Другі тур наперадзе, супернікі вызначаныя, аднак змена парадыгмы ў польскай палітыцы непазбежная, нават калі пераможа той, хто вырашыў завершыць справу свайго брата.  Тут галоўнае годна і своечасова паставіць кропку, не спяшацца і давесці ўсе справы да лагічнага заканчэння, каб зменшыць рызыку негатыўных наступстваў  змены палітычнага курсу.  Раптоўнае знікненне ўплывовых гульцоў на палітычным полі не гарантуе таго, што ў бліжэйшай будучыні прыбудзе пазітыву. Трэба навесці парадак у паперах і дакументах, вызначыць, што варта пакідаць пераемніку, а што лепей захаваць для нашчадкаў, якія саспеюць да разумення матывацыі чынаў дзядоў.  Постаць Качынскага невыпадкова стала знакавай і прадстаўніку кіруючых лібералаў  - Браніславу Камароўскаму - цяжка будзе змагацца супраць гэтай знакавасці.