Тыя, хто цікавяцца палітыкай замерлі ў прадчуванні феерычнага шоў. У нядзелю выбары ва Ўкраіне. Цікавасць, ясная рэч, невыпадковая. Нас лучыць не толькі суседства і палкоўнік Залатарэнка, які спаліў Мазыр. Нас аб'ядноўвае нават не фатальнае падабенства моваў. Беларусаў ды ўкраінцаў лучыць наканаванасць былой метраполіяй ды імглістая геапалітычная будучыня. Таму ўкраінскія палітычныя баталіі цікавыя шмат каму з беларусаў, збольшага каб паглядзець на ўкраінцаў і зрабіць высновы. Вядома, высновы кожны робіць свае ў залежнасці ад уласных палітычных мэтаў і ўпадабанняў.
Юшчанка ўзору 2009, што Ельцын узору 1996. Колішні "сокал памаранчавай рэвалюцыі" цяпер як кажуць амерыканцы "кульгавая качка", з якой не кпіць хіба што лянівы. Нават рэйтынгі падобныя - каля 4%. З супернікамі амаль такая самая сітуацыя: яны больш папулярныя сярод выбарцаў і ствараюць выразную ідэалагічную процівагу. Ёсць і алігархі, не менш адыёзныя і хцівыя, чым у ельцынскай Расіі. Адно што няма каробкі з-пад ксераксу, але і тут не ўсё страчана.
Расійскія выбары 1996 году і украінскія 2004 году сталіся па сутнасці ўсенародным рэферэндумам. Здаецца, што ў выпадку з элекцыяй 2009 будзе тое самае. Трэба прызнаць, што з часоў здабыцця Ўкраінай незалежнасці Віктар Юшчанка самы украінскі прэзідэнт. Украінскасць і еўрапейскасць - стрыжань ягонай перадвыбарнай праграмы, тады як Цімашэнка з Януковічам прапануюць больш дабрабыту і расейскай мовы. Ну няйначай лебедзь, рак і шчупак з вядомай байкі! Вядома, што лебедзь няздольны ўзняць воз у неба, аднак астатнія варыянты таксама раю на зямлі не гарантуюць. Тым не менш выбар для Ўкраіны зноў стае лёсавызначальным.
Асноўны закід Юшчанку, які гучыць з усіх бакоў, можна сцісла выразіць так:" Ну чаму ты не месія?". Ну, прынамсі, чаму ты ім не быў усе гэтыя пяць гадоў? Выбачайце, панове, памыліліся! У шэрагу дэмакратычных інстытутаў незалежнай еўрапейскай дзяржавы , пра якую так марылі і за якую пакутавалі на Майдане (аўтар гэтага блогу таксама) такога інстытуту няма. Тэхналогія, знаеце, не дазваляе, ды Канстытуцыя Ўкраіны , між іншым, таксама. Аднак аказалася, што ўкраінцы ўсе пяць гадоў чакалі менавіта на збаўцу. У блогу вядомай пісьменніцы Аксаны Забужкі прыводзіцца паказальная цытата з Livejournal адной вядомай журналісткі: "Ты, блин! Ты ж был - папа! Ты папа был - ты появлялся - они, поджав хвосты расползались! Ну может чаще надо было появляться? Может попугивать чаще надо было?" Не думаю, што трэба тлумачыць чытачу, як па-украінску будзе "папа". Дык каго выбіралі украінцы ў 2004 годзе, Прэзідэнта ці Лукашэнку з іншым прозвішчам?
Я не збіраюся рабіць прагнозы адносна магчымых пераможцаў. Мяне цікавіць іншае:ці пойдзе ўкраінскія выбарцы да ўрнаў ізноў выбіраць чарговага месію, каб праз пяць гадоў расчаравана ўздыхнуць - ізноў не той? Пра тое, што Ўкраіна парламенцка -прэзідэнцкая рэспубліка ў якой прэзідэнцкія паўнамоцтвы значна абмежаваныя большасць з іх здаецца забылася. Таксама як, дарэчы, і шмат хто з украінскіх журналістаў, пра што яскрава сведчылі іх пытанні на нядаўней прэс-канферэнцыі Юшчанкі. А між тым, пасада Прэзідэнта абмежаванага з усіх бакоў Канстытуцыяй вымагае, перш за ўсё, высокіх маральных якасцяў, каб згуртаваць недаспелую нацыю. Тая пасада вымагае якасцяў дзяржаўнага дзеяча, а не палітыка. Бо толькі так можна пазбегнуць палітычнага і эканамічнага хаосу ў краіне ды закласці падмурак для паспяховага росту. Такім дзяржаўным дзеячам ва Ўкраіне - не палітыкам - якраз і ёсць Віктар Юшчанка. Ці прыгадаюць пра гэта ўкраінцы 17 студзеня?
Погляд на ўкраінскія выбары Франца Чарнышэвіча