Нататкі аб украінскім нацыяналізме

15:02, 17 жовтня 2008

14 кастрычніка ці па-ўкраінску жовтня, я стала сведкай вельмі цікавай падзеі, а менавіта, святкавання угодкаў заснавання УПА. Безумоўна, віншую ўсіх каму гэтае свята сапраўды дорага!!!

На жаль, па тэхнічным прычынам, я не змагла размясціць гэты тэкст адразу пасля яго напісання, але гэта тэма, думаю, заўсёды актуальна. Прынамсі, для мяне! Як прадстаўнік суседняй краіны, мне было выключна цікава паглядзець на працэс святкавання нацыянальна важных датаў ва Ўкраіне, бо у Беларусі мы яшчэ не дайшлі да такога разумення і асэнсавання сваёй гісторыі; гісторыя і гістарыяграфія у нас маюць усё яшчэ савецкі ці блізкі да такога характар. Мы яшчэ не прыйшлі да таго, каб ствараць свае нацыянальныя міты (міфы) на агульнадзяржаўным узроўні для ўзмацнення працэсаў пабудовы нацыі (як сцвярджаюць некаторыя навукоўцы, беларуская нацыя пакуль не сфарміравалася, у пэўным сэнсе я з імі пагаджаюся). Але прыйдзе час і мы таксама займемся пераасэнсаваннем нашай гістарычнай спадчыны, спадзяюся толькі, што мы не будзем перагібаць палку, як гэта робіцца ў некаторых краінах...

Пытанне гістарычнай памяці выключна важнае ў працэсе ўтварэння нацыі; гістарычная памяць паступова ператвараецца ў палітычную памяць нацыі, а святы, якія святкуюцца ў краіне, - гэта найважнейшы індыкатар палітычнай памяці кожнага народа і яго палітычнай эліты. Бывае так, што розныя святы адзначаюцца рознымі часткамі грамадства (як у Беларусі, напрыклад), а часам народ і палітычныя эліты маюць зусім розныя святы (так было ў камуністычных краінах такіх як Польшча, Чэхаславакія)...    Свята УПА з'яўляецца святам як кіруючай палітычнай эліты, так і вялікай часткі насельніцтва Украіны. Думаю, з гэтым вы пагадзіцеся. Канечне, заўсёды будуць группы ў грамадстве, якім не падабаецца гэтае свята. Я думаю, гэта дастаткова натуральна, галоўнае, каб палітычная эліта Украіны падтрымлівала большасць насельніцтва. На святкаваннях у Львове (а я была і каля помніка Бандэры і каля Шаўчэнкі) прысутнічалі не толькі прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацый і ветэраны УПА, але таксама і прадстаўнікі гарадской і вабласной улады, што сведчыць пра дзяржаўную падтрымку! Адзінае мяне здзівіў той факт, што было вельмі мала людзей (трошкі больш было каля помніка Шаўчэнкі, дык і тое, большасць з іх была проста мінакамі ці зевакамі, якія проста спыніліся паслухаць)! Я заўсёды лічыла Львоў - крыніцай украінскага нацыяналізму і тут такая невялікая дэманстрацыя ў такі важны, наколькі я разумею, для ўкраінцаў дзень! Канечне, гэта праява таксама дэмакратычнага грамадства, у нас бы, калі трэба, то сагналі б людзей са школ, універсітэтаў, тэхнікумаў, а магчыма нават і немаўлят з дзіцячых садкоў...) А тут нікога не прымушалі, ну можа толькі курсантаў з ваеннага ліцэя, наколькі я зразумела, бо яны прыносілі прысягу каля помніка Бандэры...   Было крыўдна за ветэранаў УПА, якіх сабралося не так ужо і шмат... здаецца, ім было вельмі важна пабачыць шмат моладзі, каб упэўніцца, што іх ідэалы жывуць у сэрцах маладых патрыётаў!...  А зараз маё уражанне ад прадмоваў! Найбольш уразіў выступ адной дэпутаткі з гарадскога Савету, на жаль не памятаю яе імя, але гэта было нешта. Яна праслаўляла нянавісць ветэранаў УПА да ворагаў, што не дазваляла ім здацца. Словы нянавісць да ворагаў гучалі можа разоў дваццаць і сапраўды рабілі, прынамсі на мяне, не вельмі прыемнае уражанне! Мне здалося, што я таксама вораг і толькі таму, што не належу да украінскага народу. Нянавісць да палякаў, да мадзяраў, да румынаў, да бальшавікоў і г.д.!!! Галоўная ідэя, як мне падалося, была Украіна - для украінцаў! Спадзяюся, мне гэта толькі падалося...  Выступ ветэрана УПА быў зусім супрацьлеглым па зместу і настрою - адчувалася вялікая стома ад жыцця і расчараванне ўвагай дзяржавы. Ветэран наракаў, што аб іх памятаюць толькі падчас святаў, а на наступны дзень ужо і нават ніхто не ўспомніць і не дапаможа... Хваліў адну дохтарку, якая ўсё жыццё прысвяціла лекаванню ветэранаў, а за гэтае нават ніводнага медаля не атрымала...  Шкадаваў, што незалежнасць за якую яны змагаліся, адрозніваецца ад рэчаіснасці... але ніякіх агрэсіўных лозунгаў я так ад яго і не пачула. Пасля яго было яшчэ дастаткова шмат прамаўляючых асоб, выступы якіх былі вельмі падобнымі. Усе праслаўлялі УПА ў яго змаганні з ВОРАГАМІ! Шмат хто сцвярджаў, бо барацьба яшчэ не скончана, барацьба працягваецца. Мне здаецца, яны проста пераблыталі вайну і палітычную барацьбу. Шкада, што ветэранаў, якія сваё адваявалі, выкарыстоўваюць у сваіх карысных палітычных мэтах розныя палітычныя сілы... але гэта ўжо не іх (ветэранаў) вайна!

Прабачце мне, мае дарагія суседзі, але у мяне склалася не вельмі пазітыўнае ўражанне ад гэтай святочнай дэманстрацыі! З усёй павагай да вас і да вашай гісторыі, я не магу не сказаць свае думкі наконт гэтага. Мне здаецца, што так ідэалізаваць УПА не зусім правільна. Калі ўжо казаць праўду (а выступоўцы сцвярджалі, што праўду казаць проста неабходна, без яе не будзе будучыні Украіны), то трэба казаць яе да канца, а не толькі тое, што прыемна і што хочацца чуць! Трэба прызнаць, што дзейнасць УПА не такая адназначная, як вы яе прадстаўляеце, што сярод герояў УПА таксама былі забойцы мірнага насельніцтва, якое жорстка забівалася толькі па той прычыне, што гэтыя людзі належалі да іншай нацыянальнасці, з мэтаю ачысціць тэрыторыю для пабудовы Украінскай дзяржавы. Ці можна будаваць сваю краіну на крыві нявінных людзей?! Ці можа быць чыстым сумленне таго, хто мучыў і забіваў маленькіх дзяцей, жанчын, старыкоў?! Я ведаю, што савецкае НКВД таксама рабіла такія злачынства ў дачыненні да мясцовага насельніцтва, у тым ліку і ўкраінцаў, але аб гэтым я чую на кожным кроку, а вось тэма аб злачынствах УПА застаецца дагэтуль ва ўкраінскім грамадстве ТАБУ. Я разумею, што зараз гэта не зусім "зручная" тэма, бо зараз ва Ўкраіне ідзе працэс нацыянальнага будаўніцтва, існуе патрэба ў будаванні розных нацыянальных мітаў, гэта ўсё натуральна і зразумела, без гэтага не абходзіцца ніводная нацыя, але замоўчваць некаторя факты ўсё роўна не атрымаецца... гісторыя дае нам шмат прыкладаў.     Я не хачу зараз уваходзіць у дэталі гісторыі, не хачу разбірацца, хто пачаў першы, а хто другі ці трэці... не гэта зараз важна. Важна прызнаць сам факт злачынства і не ўтойваць яго! Паверці, мне таксама цяжка думаць пра гэтыя жахлівыя часы! Я тым больш не маю намеру кагосьці пакрыўдзіць, я проста спадзяюся, што мае словы прымусяць пра іншаму паглядзець на падзеі мінуўшчыны і тое, як яны адлюстроўваюцца на адносінах людзей сёння. На жаль, некаторыя людзі дакэтуль жывуць з нянавісьцю ў сэрцах, а некаторыя са страхам! У такіх умовах прымірэнне не можа наступіць, а без яго не можа быць паўнавартасных дабрасуседскіх адносінаў. І як сказала ў сваёй прадмове львоўская дэпутатка: вайна трывае дагэтуль. Яна нават не падазравала, наколькі мела рацыю!   Вельмі спадзяюся, што мае словы знойдуць разуменне, а не нянавісць і злосць у сэрцах украінскіх патрыётаў! Бо той, хто прызнае свае памылкі, паказвае сваю мудрасць! А сёння так неабходныя разумныя людзі, каб будаваць агульную будучыню нашых краінаў!

Дзякуй за ўвагу!