Паралельная рэчаіснасць

17:42, 24 лютого 2009

Амаль на кожны дзень календара ў свеце прыпадаюць адначасова свята і трагедыя. У той час, як адныя радасна ўздымалі кілішкі і ўзнасілі тосты «за мужчын і зашчытнікаў» іншыя сабраліся на жалобны мітынг. 23 лютага 1944 года пачала масавая дэпартацыя чачэнцаў ды інгушэй да казахстанскіх стэпаў. Загад падпісаў Сталін, асабіста кіраваў дэпартацыяй Лаўрэнцій Берыя.

Дэпартацыя пачалася 23 лютага, а скончылася 9 сакавіка. У перыяд паміж усенароднымі Мужчынскім і Жаночымі Днямі ў «цяплушках» і таварных вагонах да Казахстану і Кіргізстану было перавезена каля паўмільёну чалавек. Некалькі тысячаў памерла ў дарозе, потым паміраць пачалі ўжо на новым месцы ад  голаду і жудасных сцяпных маразоў. Дэпартацыя падчас святаў - гэта ўлюбёныя «штучкі» таварыша Берыі.

За Дудаевым у Грозным усталявалі помнік. На помніку кароткі, вычарпальны надпіс «Не заплачам, не забудзем, не даруем». Няма ўжо Дудаева, паўціхла мяцежная Чачэнія, але разбурыць помнік не паднялася рука нават ў расейскіх уладаў. Сёння, дарэчы, прарасейскі гаспадар Чачэніі Кадыраў надрукаваў жалобны зварот да жыхароў рэспублікі з нагоды гадавіны дэпартацыі. І ніякага свята ў іх нема.

Мне цікава, калі б ў гісторыі маёй Беларусі альбо якой іншай постсавецкай краіны  - Украіны, напрыклад - на гэты лютаўскі дзень прыпадала якая-небудзь сумная гадавіна, здолела б грамадства адмовіцца ад п'янак на працы і пасля яе ў гонар «зашчытнікаў Ацечэства»? За Ўкраіну не скажу, але пра Беларусь дакладна ведаю - не. «Дзень Мущын» - той яшчэ кнур. Калі 7 лістапада краіны СНГ рыхтуюць да  пахавання, то гэты будзе доўга змагацца за жыццё, нават насуперак здароваму сэнсу. «Ацечэства» таго ўжо няма, а «зашчытнікі» ёсць. У Беларусі яны вучаць дзетак спяваць на сцэне песні пра вялікага Суворава, які калісці тым самым беларусам добра крыві пусціў. І нікому з тых дзетак да галавы не прышло, што мабыць менавіта ягонага продка расстралялі альбо павесілі па загаду героя бітвы за Ізмаіл.

Цікава, як доўга зможа постсавецкае грамадства існаваць у межах савецкага кантэксту? І калі пачнецца гэты «зыход»?  Няўжо нашае жыццё згубіць усялякі сэнс без савецкіх святаў, асабліва без «8 сакавіка» і «23 лютага»? Тую ж Беларусь можна параўнаць з Вугоршчынай у міжваенны перыяд, якая пасля распаду Аўстра-Вугорскай імперыі асталася манархіяй. Праўда без манарха, але з рэгентам. Маўляў, нічога, што знікла імперыя, а мы будзем жыць так, нібыта гэтага распаду не было і ўсё засталося як раней.

Замест таго каб спрачацца, пырскаць сліною і даводзіць пра «агульную гісторыю», пра тое што «з песні словаў не выкінеш» і пра «наданне іншага зместу і сэнсу гэтаму святу» я б параіў тым «зашчытнікам» паехаць у Грозны, стаць пад тым помнікам і ўцюхіваць чачэнцам увесь гэты фуфел. Бо чачэнцы - гэта не папуасы з далёкіх выспаў, а таксама частка нашай савецкай гісторыі, як і свята 23 лютага, як СССР і яго войска, «лінія Сталіна» і чырвоны сцяг. Аднак наўрад ці б яны ўзрадаваліся такой агітацыі. Думаю нашым аматарам «Дня Мущын» прышлося б уцякаць адтуль з усёй моцы.

А яшчэ 23 лютага споўнілася 55 гадоў Прэзідэнту Украіны Віктару Юшчанке. З гэтым яго і віншую.