Трансмежавыя канатацыі. Несур’ёзны блог на выходныя

17:55, 28 лютого 2009

Палякам весяла, калі яны чуюць чэшскія словы, чэхі смяюцца над славацкім вымаўленнем, а славакі рагочуць з украінцаў. Тое самае і з беларусамі, украінцамі і расейцамі. Узяць хаця б слынны анекдот пра “піва” і “пиво”. Народы-суседзі заўсёды маюць нагоду пакпаіць адзін з аднаго, таксама як і суседзі ў вёсцы альбо жыхары суседніх вёсак. Такі ўжо наш свет, бо мы праз гэта пазнаем нашых суседзяў, а яны – нас. Праз тыя жарты і кепікі адбываецца ўзаемапранікненне культур, асабліва ў памежных зонах.

Нядаўна пісьменніца і перакладчыца Марыйка Мартысевіч у сваім блогу (https://users.livejournal.com/maryjka_/498840.html) ўзняла гэтую тэму і пачала прыгадваць (на падставе ўласнага досведу) з якіх нашых словаў смяюцца ўкраінцы і з якіх іхных словаў смяемся мы. Аднак у яе свой досвед, а у мяне свой, таму ў працяг тэмы падзялюся ўласнымі назіраннямі, далібог, як "englishman in New York".

На стажыроўцы ў "каралеўскім горадзе" Кракаве  беларусаў было двое - я і Дзіма. Семь чалавек былі з Украіны (пераважна з заходняй часткі) і адзін хлапчына з Малдовы, хаця нічога малдаўскага ў яго не было. Паколькі ўкраінцы размаўлялі паўсюдна ўкраінскай, а мы намагаліся таксама не ўжываць расейскай і карыстацца матчынай мовай, то часам і ўзнікалі забаўныя непаразуменні на глебе лексікі.

Беларускае "амаль" уводзіла нашых украінскіх калегаў у стан клінча. З іхным "майже" яно ніяк не асацыявалася, хаця ўсе астатнія словы ў сказе ім маглі быць цалкам зразумелыя. Аналагічна было са словам "крыху". "Кры - Ху?", - пыталіся дзевачкі з Хмяльніцкага. Беларусаў жа "плюшчыла" ад словаў "негайно" і "навпаки» («неадкладна» і " наадварот"). Дзіўна было таксама чуць як нашую "бульбу" называлі "бараболяй".

А слова "гаразд"? Для беларуса яно гучыць хутчэй як "досыць", але ніяк не асацыюецца з "добра". Тое самае з "дружиной" ("жонкай")? Адзін з нашых расейскіх калегаў, памятаю, вылупіў зенкі і вымавіў: "Дружина? Футбольная?". "Так, - адказваю. Адна для ўсіх адзінаццаці гульцоў і трэнера з лекарам". З нядаўніх адкрыццяў, якія мяне "узрушылі да глыбіні душы" была назва кніжкі выдатнай (далібог, не брашу)  украінскай пісьменніцы Марыі Маціёс "Майже ніколи не навпаки".

Што да "вялікай и магутнай", то расейскае слова, якое весяліла  нас з ўкраінцамі было "вкупе" ("разам"). Хаця, калі задумацца, хутчэй за ўсё, яно звязана са славянскім словам "купа" - "куча", той бок, ў адной купе з усімі астатнімі.

Гэта Ўкраіна, але ёсць яшчэ іншыя...Тыя з беларусаў, хто пабываў у Празе млеюць са слова "рыхлік"  - "хуткі цягнік". Слова "рыхлы" як "хуткі" сустракаецца і ў польскай мове. Нават калі прыгадаць расейскі выраз "рыхлый снег", то атрымаем снег, які надта хутка растае. Забытае намі славянскае слова "цвіце і пахне" ў нашых заходніх сваякоў.

Аднак з чэхамі і палякамі не атрымліваецца так як з украінцамі і расейцамі. Можа таму, што мы пішам кірыліцай, а яны  - лацінкай. Хаця польсая прыстаўка" пшэ" (аналаг «пра- /пера-») заўсёды смяшыла беларусаў. А ў цягніку Мінск-Варшава беларускія студэнты рагаталі са слова "коцык" ( памяншальны варыянт слова "плед" альбо "коўдра").

Напрыканцы паспрабую паставіць эфектоўную кропачку: ""Щоб у вас і у нас все було гаразд". Мне падаецца,  што чым больш такіх вось адрозненняў, з якіх можна часам пасмяяцца, тым больш мы цікавыя адзін аднаму. Бо  "цікавість - це шлях в майбутнє", праўда?