Наш гарачы беларускі ліпень

Ігар Жалткоў, 18 липня 200813382

Навіна пра выбух у Менску засьпела мяне ў дарозе на Бэрлін. Неяк так сталася, што разам са мною ў новенькім цягніку Шчэцін-Бэрлін аказаўся хлопец з Гародні (рас. – Гродно), які, уласна, абрынуў на мае паўсонныя мазгі гэтую навіну. “Пра выбух па Euronews паказалі”, - не бяз гонару зазначыў ён. Які выбух? Навошта? Нават калі пайшлі лісты з пытаньнямі і просьбамі пракамэнтаваць гэта ў блогу, я ня надта ясна ўсьведамляў сабе пра што яны ўсе пытаюцца?

Такія гучныя і значныя здарэньні заўсёды трэба ацэньваць на адлегласьці, па прашэсьці некалькіх месяцаў, а можа нават і году. І абавязкова ў кантэксьце мінулых і прышлых падзеяў. Мне падабаецца як калісьці старшыня КНР Дзян Дзы Мінь адазваўся пра вынікі Вялікай Францускай Рэвалюцыі. Адбылося гэта ў 1989 годзе падчас сьвяткаваньняў 200-тых угодкаў рэвалюцыі, куды, уласна, і быў запрошаны старшыня Дзян. "Замала яшчэ часу мінула з таго дня", - так адрэагаваў кіраўнік Кітаю на просьбу журналістаў выставіць ацэнку падзеям 14 ліпеня. Меў рацыю, бо праз 500 год пасьля той рэвалюцыі ўсё можа зьмяніцца: і сьвет, і людзі,  і ацэнкі.

Поўная адсутнасьць транспарэнтнасьці ў беларускай афіцыйнай палітыцы вымушае нас, той бок, незалежнае грамадзтва, кіравацца любымі сыгналамі, якія зыходзяць ад улады. Сыгналаў тых было нават задужа, як перад выбухам, так і пасьля выбуху. Таму зараз у незалежных СМІ назіраецца суцэльная мешаніна ацэнак і вынікаў.

Пытаньні якія задаваліся калегамі экспэртамі, палітолягамі ды ўвогуле знаёмымі былі простыя: што гэта, хуліганства, тэракт ці правакацыя? Калі правакацыя, то каму гэта на карысьць - уладам, апазыцыі ці вонкавым (зовнішнім) сілам, скажам, Расеі?

Першы сыгнал экспэрты і грамадзяне атрымалі яшчэ перад выбухам. На пытаньне "Комсомольской правды" пра стасункі паміж уладаю і апазыцыяй, Лукашэнка нечакана заявіў: "Насьцярожвае той факт, што Захаду наша апазыцыя моцна надакучыла - асабліва амэрыканцам. Тыя ўжо кажуць наўпрост: будзе справа - будуць грошы. А што гэта значыць? Перш за ўсё, вулічныя выступленьні, дэманстрацыі, а калі яшчэ пагромы і выбухі (вылучана аўтарам - Рэд.) - тады замоўшчык наагул будзе задаволены."

Другі сыгнал таксама пачула ўся краіна, калі Лукашэнка пачаў прылюдна бэсьціць сілавікоў, перш за ўсё, кіраўніка Рады Бясьпекі Віктара Шэймана. А потым увогуле яго зьняў з пасады. Незалежныя СМІ пачалі абмяркоўваць сцэнары апаратнай вайны, бо прычына была навідавоку  Віктар Шэйман быў правай рукой Лукашэнка 14 гадоў і такога ўплыву як ён, бадай, ня меў ніхто з беларускага ўраду. Ці гэта пачатак новай эпохі? Па Менску упарта папаўзьлі чуткі, што мейсца Шэймана зойме старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, які мае чын палкоўніка і ўжо ўведзены у Раду Бясьпекі. Прасоўваньне старшага сына Лукашэнкі ва ўладу адбываецца ўжо некалькі гадоў запар і робіцца надзвычай ўпарта і паступова.

Паралельна казалі шмат пра правакацыю супраць апазыцыі. Маўляў, хутка парлямэнцкія выбары, таму правакацыя была зладжана з мэтаю дыскрэдытаваць апазыцыю ды распачаць масавы палітычны тэрор. Апошнія затрыманьні дзесятка маладых дзеячоў апазыцыйнага руху канешне зьвязаны з выбухам, але жорстка дэтэрмінацыі паміж выбухам і затрыманьнямі няма,. І нават сёньняшняе зьбіцьцё некаторых лідэраў партый, якія выйшлі на акцыю пратэсту супраць затрыманьняў -  гэта пакуль яшчэ насамрэч не маштабныя рэпрэсіі.

Афіцыйныя СМІ  пытаньнямі матывацыі і наступстваў не пераймаліся. Яны ўсе ў адзін голас адзначалі сьмеласьць кіраўніка краіны, які адразу наведаў мейсца здарэньня, яго незвычайную праніклівасьць, бо "адразу пабачыў тое, на што КДБ і міліцыя не зьвярнулі ўвагу, пасьля чаго даў адпаведныя распараджэньні". Апазыцыйны сьлед тут практычна не разглядаўся, прынамсі, наўпрост пра гэта не сказаў аніводны афіцыйны камэнтатар. А вось пра "смуглых мужчін" каля мейсца выбуху згадвалася неаднойчы.

Вэрсію тэракту альбо хуліганскага ўчынку таксама ніхто не адкідваў. Нагадаю, для тых, хто можа ня ведае, што выбух адбыўся падчас выступленьня расейскага сьпявака, слыннага "патрыёта вялікай  і адзінай Расеі" Алега Газманава. Выкарыстоўваньне ўладаю адчайнага ўчынку нацыяналіста-радыкала альбо адмарожанага хулігана - такія камэнтары таксама існуюць і распаўсюджваюцца ў Інтэрнэце

Адзінай апініі няма. Бо няма бачаньня ўсей карціны, таго, што адбылося і  адбываецца зараз, тым больш невядома, што будзе адбывацца. У беларускай палітыцы такое дзеецца ўвесь час. Толькі апазыцыя атрымае сыгнал, толькі здолее яго адэкватна - як падавалася - распазнаць і інтэрпрэтаваць, а тут - бах!- другая зьмена. І ўсё ляціць дагары нагамі. Гэта стыль уладнай палітыкі і да яго трэба неяк прыстасоўвацца.

Хутчэй за ўсё найбольш адэкватныя ацэнкі і адпаведныя высновы можна будзе зрабіць увосень пасьля выбараў. А пакуль відавочна тое, што кампактны  акуратны несьмяротны выбух адбыўся надта ўдала і своечасова. Для ўсіх, і нават для апазыцыі. Лукашэнка нарэшце пазбавіўся апошніх паплечнікаў з часоў "палітычнага дзяцінства", якім быў абавязаны як тая зямля ягонаму саўгасу. Перад выбарамі відавочна адбудзецца яшчэ большая кансалідацыя электарату вакол праўладных кандыдатаў, бо "стабільнасьць вышэй за ўсё". Гэтую мантру ўжо, лічы, восем альбо нават дзесяць гадоў паўтараюць  і Лукашэнка і  афіцыйныя СМІ, і прапагандысты з таварыства "Веды" ("Знаніе"). Страта стабільнасьці хоць на 5 адсоткаў прыраўноўваецца прапагандыстамі практычна да пачатку новай сусьветнай вайны.

Адпаведны сыгнал пайшоў таксама ў бок Расеі, маўляў, не перабольшвайце тут са сваім уплывам і цэнамі на газ, а то рызыкуеце атрымаць другую Чачэнію. Гэтая страшылка выцягвалася з рукава некалькі разоў, асабліва пасьля вядомай прамовы Пуціна  з "мухамі і катлетамі".

Што да апазыцыі, то яна набыла яшчэ адзін інфармацыйную нагоду каб нагадаць пра сябе і пра ціск на сябе. Калі сапраўды пачнуцца рэпрэсіі, то і Эўразьвяз і ЗША будуць вымушаны прыняць даволі рашучыя крокі адносна палітычнага рэжыму ў Беларусі, не ,абмяжоўваючыся звычайнай балбатнёй.  Да таго ж, выбух вымушае задумацца нават самых апалітычных альбо скептыкаў пра тое, што можа апазыцыя сапраўды не такая бяззбройная і бяззубая, як гэта кажуць па тэлевізіі, і калі бясконца бэсьціць і зьневажаць  гэтых людзей, то яны здольныя на самыя экстрэмальныя і рашучыя дзеяньня.

Гораду Менску як сталіцы, як бы гэта не прагучала цынічна выбух можа пайсьці ў плюс. Масавыя сьвяты, асабліва зараз  3 ліпеня, на так званы "Дзень Незалежнасьці" апошнім часам набываюць жахлівыя і брыдкія формы.  Вядзецца і пра паўсюднае п'янства, бруд, купы сьмецьця, а галоўнае пра параліч ўсяго гораду падчас гэтых мерапрыемстваў і панаваньня чагосьці  кшталту масавага псыхозу. Тут так - альбо ты ідзеш разам з мільённым п'яным натоўпам туды куды ён цябе вядзе альбо ты будзеш пакутаваць ад смагі, голаду, ад частковай страты прытомнасьці, бо часам жа  няма дзе нават прысесьці. 

Мінулы тэракт (ці правакацыя ці хуліганства), незалежна ад таго, як гэта назваць, на маёй памяці ўжо трэці ў палітычнай кар'еры Лукашэнкі. Першы, a propo, адбыўся яшчэ ў тым самым 1994 годзе падчас выбарчай кампаніі. Тады невядомы злачынца стрэліў у кола машыны, на якой вяртаўся з лазьні тады яшчэ толькі кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Лукашэнка. Тэракт выглядаў сьмешна і сьледства нават дайшло да высновы, што магчыма Лукашэнка яго і арганізаваў. Другі тэракт дапамог яму на даволі крутым віражы яго кар'еры. 10.09 2001 году на наступны дзень пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў назіральнікі ад АБСЕ і нават расейскія палітыкі адзначылі маштабныя парушэньні падчас выбараў. Насьпяваў вялікі скандал і рэакцыя чыноўнікаў з урадаў ЗША і ЭЗ не пакідала сумневаў - спробы ўзьдзеяньня на Беларусь і яе кіраўніцтва будуць такія ж моцныя і маштабныя як тыя махінацыі з бюлетэнямі. Але прыйшоў новы дзень - 11.09 - і сьвет забыўся пра Беларусь як мінімум на паўгода. Пачалася вайна з тэрарызмам.

Гэтая ж вайна з тэрарызмам, як мне падаецца сталая ўнівэрсальнай прычынай любога сілавога учынку ўлады супраць сваіх канкурэнтаў незалежна ад таго ці гэта Расея, ЗША ці гэта маленькая Беларусь. Ёсьць нагода для кансалідацыі рэсурсаў, ламаньня дэмакратычных працэдураў, ды й у вачах міжнароднай супольнасьці ты выглядаеш як праведнік. На гэтым палягае, як мне падаецца, такая аднадушнасьць кіраўнікоў самых розных дзяржаў калі пачынаецца пра тэрарызм. Як сусьветную мантру паўтараюць ў розных кутках сьвету "барацьба з тэрарызмам" нібыта індульгенцыю атрымліваюць на ўнутраныя разборкі. Шкада калі гэта будзе стасавацца і ў маёй Беларусі.

Калі хто хоча падрабязна пачытаць камэнтары і меркаваньні экспэртаў, можа зайсьці на http://www.nn.by/  і http://www.svaboda.org/  афіцыйныя каментары на http://www.sb.by/.

Якщо Ви виявили помилку на цій сторінці, виділіть її та натисніть Ctrl+Enter
Пропозиції партнерів

Дискусія 2

Для того, щоб залишити коментар, необхідно увійти
  • Дум-дум 18 липня 2008, 14:49

    Мля, сябры. Не рабить наших памылак. На фиг вам эта дэмакрація?

    відповісти цитувати поскаржитись

  • Набридло вводити код – увійдіть через профіль у соцмережі
    Оновити
  • Набридло вводити код – увійдіть через профіль у соцмережі
    Оновити
  • yurko 18 липня 2008, 12:33

    Мінська провокація має гебістский слід. Я, відразу як пролунав вибух, на пітерських "Гранях" зауважив, що жоден з не знищених поки опозиційних білоруських ресурсів не мав про це ніякої інфи з перших джерел. Найвидатнішим їхнім досягненням були лише посилання на обговорення теми в ЖЖ. Тобто опозиція не мала ніякого відношення до цієї справи. Коли ми вже дізналися про те, що сталося, один знайомий зателефонував до друзів у Мінськ, та запитав, що трапилося - вони нічого ще не знали!!!

    відповісти цитувати поскаржитись

  • Набридло вводити код – увійдіть через профіль у соцмережі
    Оновити
  • Набридло вводити код – увійдіть через профіль у соцмережі
    Оновити
Загрузка...
Останні новини
Залиште відгук