145 год з дня смерці Кастуся Каліноўскага!
Кастусь Каліноўскі - змагар за незалежнасць беларускага, польскага і літоўскага народаў супраць маскоўскага панавання! 22 сакавіка 1864 года быў страчаны маскоўсімі ўладамі на пляцы Лукішкі у Вільна. Сёння роўна 145 год з гэтага трагічнага дня. Каліноўскі сустрэў сваю смерць мужна, а нават заставіў апошні зварот да нашчадкаў, а яму было ўсяго 26 год. Вось некаторыя факты з яго жыцця і ўрывак Ліста з-пад шыбеніцы...
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца.
У 1847–52 гг. вучыўся ў Свіслацкам павятовам вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнню Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта па разрадзе камеральных навук. На працягу навучання ва універсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Неўзабаве пасля атрымання універсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў і агітаваў іх да паўстання.
Паводле сваіх ідэйных перакананняў, Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў гэтай газеты. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага "Яська-гаспадар з-пад Вільні".
У 1862 годзе Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) - цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю (зараз - тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі. А ўвосень таго ж году стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў ("белых") звалі "чырвонымі". Гэты напрамак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. "Белыя" ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.
З восені 1863 году К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 году арыштаваны ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Святога Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні 22 сакавіка 1864.
З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»:
«...Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду... Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку... . Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу... Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні»